РУС БЕЛ ENG

МОЛАДЗЬ – ЗА СУПРАЦОЎНІЦТВА, БРАТЭРСТВА, КУЛЬТУРНЫЯ СУВЯЗІ ДЗВЮХ ДЗЯРЖАЎ

07.04.2021

Установа адукацыі “Гімназія № 2 г. Оршы” – найстарэйшая навучальная ўстанова Аршанскага рэгіёна. Мы захоўваем традыцыі і ўвасабляем у жыццё лепшыя ідэі сучаснасці. На працягу апошніх васьмі гадоў працуем у рэжыме рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі. На сённяшні дзень гэта – інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дзейнасці Рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра ў сеткавым адукацыйным асяроддзі ў мэтах прафесійнага развіцця педагагічных кадраў”. Акрамя таго, з’яўляючыся ўдзельнікам праекта “Асацыіраваныя школы ЮНЕСКА”, наша ўстанова адукацыі прапагандуе дэмакратыю, правы дзіцяці, грамадскі спакой, сусветную і нацыянальную спадчыну, міжкультурнае ўзаемаразуменне, супрацоўніцтва і інфармаванасць.

 

Нашы вучні з’яўляюцца актыўнымі і неабыякавымі ўдзельнікамі інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна”, які дазваляе фарміраваць іх грамадзянскую кампетэнтнасць і інфармацыйную культуру. Апошні чацвер сакавіка – адзіны дзень інфармавання – быў прысвечаны гісторыі станаўлення і развіцця Саюзнай дзяржавы. З гэтай нагоды педагогі і вучні Х “А” класа сустрэліся з намеснікам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Калдубаем Аляксандрам Уладзіміравічам. У інтэрактыўнай форме адбылася яго знаёмства з гімназістамі ў вучэбных кабінетах. Дырэктар гімназіі Ларыса Уладзіміраўна Сініцына расказала пра прыярытэтныя накірункі работы і перспектыўныя планы нашай установы адукацыі, а пасля запрасіла ганаровых гасцей у Х “А” клас на праект “ШАГ”.

Дзесяцікласнікі свядома расказвалі пра беларуска-расійскае братэрства, якое прайшло выпрабаванне часам. Гімназісты гаварылі пра культурныя сувязі дзвюх дзяржаў, пра маладзёжную палітыку, якая праводзіцца кіраўнікамі братэрскіх дзяржаў Расіі і Беларусі.

Трэба адзначыць, што юнакі і дзяўчаты гімназіі сочаць за маладзёжнымі праграмамі і праектамі Саюзнай дзяржавы, прымаюць актыўны ўдзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, у праекце “Лічбавая зорка”. Дадзены праект выклікаў асаблівы інтарэс у гімназістаў: павага да помнікаў баявой славы, якія ўвекавечылі трагічныя і гераічныя падзеі мінулага, – гэта захаванне агульнай гісторыі, агульнага з Расіяй духоўнага багацця.

На праекце “ШАГ” у гэты дзень прысутнічалі лепшыя прадстаўнікі Маладзёжнай палаты Аршанскага раёна. Рабяты расказалі пра свае планы і рэалізаваныя ідэі. Сільчанка Анатоль Міхайлавіч, старшыня Аршанскага раённага Савета дэпутатаў, ініцыіраваў уручэнне пасведчанняў членам Маладзёжнай палаты. Рабяты атрымалі дакументы з рук намесніка Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У блоку “Мы разважаем” вучні задавалі пытанні Калдубаю Аляксандру Уладзіміравічу, Загурскаму Андрэю Уладзіміравічу, начальніку ўпраўлення па адукацыі Аршанскага раённага выканаўчага камітэта. Рабят цікавіла ўсё: сумеснае навучанне  беларусаў і расіян у Полацкім кадэцкім корпусе, змены ў Кодэксе аб адукацыі (ці закрануць яны адзіную адукацыйную прастору?), навінкі ўступнай кампаніі.

Сустрэча ў межах праекта “ШАГ” атрымалася карыснай, інфарматыўнай, цікавай, для большасці вучняў – незабыўнай. Аляксандр Уладзіміравіч падзякаваў рабятам за шчырасць і веру ў сваю краіну, у яе будучыню. Юнакі і дзяўчаты былі рады атрымаць інфармацыю “з першых вуснаў” і прадэманстраваць гатоўнасць да стваральнай працы на карысць сваёй краіны і Саюзнай дзяржавы. Дзесяцікласнікі разам з класным кіраўніком Ірынай Міхайлаўнай Янкоўскай прапанавалі правесці на аршанскай зямлі рэканструкцыю баёў за вызваленне нашага раёна. Аляксандру Уладзіміравічу Калдубаю спадабалася такая ідэя.

Час інфармацыйнай гадзіны падыходзіў да лагічнага завяршэння, госці раз’язджаліся. Дырэктар гімназіі Ларыса Уладзіміраўна з дзесяцікласнікамі і камандай педагогаў, натхнёныя сустрэчай, яшчэ доўга не разыходзіліся, абмяркоўваючы дэталі новых праектаў…